Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Поздравляем с Днем учителя!
Голосование
На якой мове Вы размаўляеце дома:
Всего 21 человек

Правовые аспекты дошкольного образования

Дата: 19 февраля 2016 в 13:17, Обновлено 28 сентября в 09:53

Прыём, перавод і адлічэнне выхаванцаў

ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей – Кодэкс), Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 № 150 (далей – Палажэнне аб установе дашкольнай адукацыі), Інструкцыі аб парадку пераводу, аднаўлення i адлiчэння навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.12.2013 № 130 (далей – Інструкцыя), Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2011 № 90 (далей – Палажэнне аб спецыяльнай дашкольнай установе), Правіламі знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.01.2006 № 73.

Звяртаем увагу, што работа з грамадзянамі ажыццяўляецца на аснове заяўляльнага прынцыпу. У выпадках жадання бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзіцяці перавесці яго ў іншую ўстанову дашкольнай адукацыі, накіраванне ва ўстанову адукацыі павінна быць выдадзена ў дзень звароту. Падчас выдачы накіравання неабходна карыстацца патрабаваннямі пункта 45 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі аб тым, што прыём асобы ва ўстанову дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца на працягу каляндарнага года пры наяўнасці ў ёй свабодных месцаў. У адпаведнасці з артыкулам 270 Кодэкса гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на спецыяльныя дашкольныя ўстановы.

Міністэрства адукацыі рэкамендуе пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у адносінах да грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, іншых арганізацый уключаць у рэгістрацыйна-кантрольныя формы рэквізіты, неабходныя для забеспячэння ўліку заяў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх на выбар адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (руская, беларуская), а таксама тлумачыць бацькам (законным прадстаўнікам) непаўналетніх магчымасці атрымання адукацыі на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Падпунктам 5.6 пункта 5 артыкула 79 Кодэкса вызначана, што датэрміновае спыненне адукацыйных адносін па ініцыятыве ўстановы адукацыі ажыццяўляецца ў выпадку працяглай адсутнасці выхаванца (больш за трыццаць дзён) без уважлівых прычын на занятках на працягу года.

Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі мае права самастойна ў кожным асобным выпадку (з улікам канкрэтных абставін) вырашаць пытанне аб тым, ці з’яўляюцца тыя ці іншыя прычыны адсутнасці выхаванца ва ўстанове дашкольнай адукацыі слушнымі.

У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў гэтае пытанне вырашаецца органам кіравання адукацыяй, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова дашкольнай адукацыі, якую наведвае дзіця.

У прыватнасці, слушнымі прычынамі могуць прызнавацца такія абставіны, якія аб’ектыўна перашкаджаюць бацькам (законным прадстаўнікам) выхаванца прывесці сваё дзіця ва ўстанову дашкольнай адукацыі:

хвароба дзіцяці;

санаторна-курортнае лячэнне;

знаходжанне дзіцяці на дамашнім рэжыме (па рэкамендацыі ўстановы аховы здароўя);

каранцін;

наяўнасць лістка непрацаздольнасці ў бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

адпачынак бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

службовая камандзіроўка бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

выхадныя дні бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў, у тым ліку праца па зменным графіку, пры прадастаўленні дадатковага вольнага ад працы дня ў тыдзень маці ў адпаведнасці з артыкулам 265 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

прастой арганізацыі (падраздзялення), у якой працуюць бацькі (законныя прадстаўнікі) выхаванца;

часовая страта працы бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) выхаванца па незалежных абставінах;

канікулы (летнія – 90 каляндарных дзён, зімовыя – 10 каляндарных дзён, вясновыя – 10 каляндарных дзён, ва ўстановах спецыяльнай адукацыі ў залежнасці ад цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў – дадатковыя (восеньскія) канікулы працягласцю не больш за 10 дзён);

прадпісанні санітарна-эпідэміялагічнай службы аб закрыцці ўстановы дашкольнай адукацыі;

надыход надзвычайных абставін, у тым ліку часовае прыпыненне працы транспарту;

непрадбачаныя сямейныя абставіны (пераезд, смерць ці хвароба блізкіх сваякоў).

Рашэнне аб адлічэнні (спыненні адукацыйных адносін) выхаванца прымае кіраўнік установы дашкольнай адукацыі шляхам выдання загаду, у якім указваецца падстава для адлічэння (пункт 51 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, пункт 16 Інструкцыі).


Мова навучання і выхавання

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса мову навучання і выхавання ва ўстанове адукацыі вызначае яе заснавальнік, а права грамадзян на выбар мовы навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, што дазваляе забяспечваць станаўленне цэласнай асобы выхаванца, яго развіццё шляхам інтэграцыі ў дзве роднасныя культуры сродкамі беларускай і рускай моў.

З улікам пажаданняў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх установы дашкольнай адукацыі фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс як на рускай, так і на беларускай мове.

Адукацыйны працэс у групах з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай мове. Выключэнне складаюць гадзіны, адведзеныя на вывучэнне адукацыйнай галіны «Развитие речи и культура речевого общения» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ў дашкольнай установе адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для атрымання выхаванцамі адукацыі на беларускай (рускай) мове.

Згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» кіраўнікі і педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.

З мэтай забеспячэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры, паспяховасці фарміравання двухмоўя павінна стварацца камунікатыўнае асяроддзе, якое забяспечвае ўключэнне дзвюх моў у разнастайныя віды дзіцячай дзейнасці, а таксама правядзенне спецыяльна арганізаваных форм адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Варта звярнуць увагу на стварэнне адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя, павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў у пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, удзел бацькоў у прадастаўленні магчымасці дзецям фармуляваць думкі на дзвюх мовах. Гэтаму спрыяе створанае навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ўстаноў дашкольнай адукацыі, якое выдаецца як на рускай, так і на беларускай мовах.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з пажаданнямі бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца групы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці. З гэтай мэтай неабходна арганізоўваць тлумачэнне нарматыўных прававых актаў аб магчымасці выбару мовы навучання ў індывідуальных гутарках з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) выхаванцаў, на бацькоўскіх сходах, праз сродкі масавай інфармацыі, вэб-сайты і парталы ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі, устаноў дашкольнай адукацыі.

Адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі (групах) з вывучэннем мовы нацыянальнай меншасці ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навучанне, выхаванне і развіццё выхаванцаў у названых установах (групах) ажыццяўляюцца з выкарыстаннем вучэбных выданняў, зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У адукацыйным працэсе ўстаноў дашкольнай адукацыі дадаткова могуць быць выкарыстаны вучэбныя выданні краін, да якіх этнічна належыць нацыянальная меншасць, пры ўмове іх адпаведнасці зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Азнаямленне выхаванцаў з культурай, традыцыямі, звычаямі людзей, якія размаўляюць на мове нацыянальнай меншасці, ажыццяўляецца ва ўсіх узроставых групах у разнастайных відах дзіцячай дзейнасці (зносіны, прадметная, гульнявая і інш.).

Спецыяльна арганізаваная дзейнасць (заняткі) па вывучэнні мовы нацыянальнай меншасці ажыццяўляецца з выхаванцамі ад 4 да 5 гадоў, ад 5 да 6 гадоў і ад 6 да 7 гадоў у межах рэалізацыі базавага кампанента, рэгламентаванага тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі. На падставе тыпавога вучэбнага плана распрацоўваецца вучэбны план установы дашкольнай адукацыі, у якім неабходна адлюстраваць колькасць гадзін на вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці, не перавышаючы максімальна дапушчальную вучэбную нагрузку ў тыдзень на аднаго выхаванца.

Вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці павінна садзейнічаць выхаванню патрыятызму, развіццю высокай культуры міжнацыянальных адносін, умацаванню міжнацыянальнай згоды ў беларускім грамадстве


Аказанне адукацыйных паслуг на платнай аснове

ва ўстановах дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца на падставе дагавора аб платных паслугах у сферы адукацыі. Тыпавая форма дагавора аб платных паслугах у сферы адукацыі зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2011 № 99 «Аб зацвярджэнні тыпавых форм дагавораў у сферы адукацыі».

У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 138 Кодэкса забаронена вызначаць установам дашкольнай адукацыі нарматывы па ажыццяўленні дзейнасці, якая прыносіць даход.

Пры ажыццяўленні ўстановай адукацыі пазабюджэтнай дзейнасці віды паслуг, якія ёй аказваюцца, павінны быць адлюстраваны ў Статуце ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь 005-2011 «Віды эканамічнай дзейнасці», зацверджаным пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 05.12.2011 № 85.

Пунктам 9 Палажэння аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў, ажыццяўлення расходаў, звязаных з дзейнасцю, якая прыносіць даход, напрамках і парадку выкарыстання сродкаў, што застаюцца ў распараджэнні бюджэтнай арганізацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2013 № 641 (далей — Палажэнне аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў), вызначана, што пазабюджэтныя сродкі, якія атрымліваюць бюджэтныя арганізацыі пры ажыццяўленні даходнай дзейнасці, адлюстроўваюцца ў смеце даходаў і расходаў пазабюджэтных сродкаў бюджэтных арганізацый на адпаведны фінансавы год і справаздачнасці па іх у разрэзе крыніц даходаў (падраздзелаў даходаў, устаноўленых у класіфікацыі даходаў бюджэту, якая зацвярджаецца Міністэрствам фінансаў). У частцы сум перавышэння даходаў над расходамі па пазабюджэтнай дзейнасці, што застаюцца ў распараджэнні ўстановы адукацыі, сродкі могуць быць выкарыстаны па напрамках, указаных у пункце 25 Палажэння аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў.

Пунктам 2 артыкула 79 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што бюджэтныя арганізацыі (за выключэннем дзяржаўных органаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь) могуць ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіть даходы, толькі тады, калі яна неабходная для іх устаўных мэт, дзеля якіх яны створаны, і адпавядае гэтым мэтам і прадмету дзейнасці арганізацый або калі яна неабходная для выканання дзяржаўна значных задач, прадугледжаных іх устаноўчымі дакументамі, адпавядае гэтым задачам і прадмету дзейнасці дадзеных арганізацый.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу, што пунктам 30 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі вызначаны асноўныя мэты дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі: забеспячэнне рознабаковага развіцця асобы дзіцяці ранняга і дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбнасцямі, фарміраванне ў яго маральных норм, садзейнічанне набыццю ім сацыяльнага вопыту.

Асноўнымі задачамі спецыяльнага дашкольнай установы (пункт 19 Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе) з’яўляюцца забеспячэнне атрымання спецыяльнай адукацыі асобам з АПФР на ўзроўні дашкольнай адукацыі з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў, сацыяльная рэабілітацыя выхаванцаў, якая забяспечвае стварэнне ім роўных магчымасцяў для ўдзелу ў жыцці грамадства, фарміраванне жыццяздольнай асобы, уключэнне ў актыўнае сацыяльнае ўзаемадзеянне, забеспячэнне інтэлектуальнага, асобаснага і фізічнага развіцця выхаванцаў, выхаванне асобы дзіцяці, развіццё яго творчага патэнцыялу, далучэнне выхаванцаў да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей і інш.

Арганізацыя іншых відаў паслуг не з’яўляецца прыярытэтнай мэтай дзейнасці дзяржаўных устаноў адукацыі.

Аказанне платных паслуг у сферы адукацыі не можа ажыццяўляцца замест ці ў межах адукацыйнай дзейнасці, якая фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, пагаршаць якасць прадастаўлення паслуг у сферы адукацыі, што аказваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.


Арганізацыя груп кароткачасовага знаходжання выхаванцаў

Калі час знаходжання выхаванцаў ва ўстанове адукацыі складае ад 2 да 7 гадзін штодзённа, некалькі дзён на тыдзень, месяц, год, то могуць стварацца групы кароткачасовага знаходжання: адаптацыйныя, прагулачныя, выхаднога дня, вячэрнія, па падрыхтоўцы да школы, сезонныя пляцоўкі, гульнявыя пляцоўкі, «Мацярынскія школы» і інш. (пункт 16 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, пункт 32 Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе).

У адпаведнасці з Кодэксам, Палажэннем аб установе дашкольнай адукацыі напаўняльнасць такіх груп устанаўліваецца як для рознаўзроставай групы – 12 выхаванцаў.

У групах з кароткачасовым знаходжаннем заняткі павінны быць арганізаваны ў першую або другую палову дня работы ўстановы дашкольнай адукацыі, у выхадныя дні – не больш за 4 – 5 разоў на тыдзень для выхаванцаў 4 – 5-гадовага ўзросту, не болей за 5 – 6 разоў на тыдзень для выхаванцаў 5 – 6-гадовага ўзросту.

У названых групах магчыма сумеснае знаходжанне выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групе кароткачасовага знаходжання з выхаванцамі з АПФР праводзіцца работа па своечасовай сацыялізацыі ў калектыве аднагодкаў і дарослых, фарміраванні асноў гатоўнасці да навучання на наступным узроўні адукацыі. Групы кароткачасовага знаходжання дзяцей функцыянуюць па гнуткім рэжыме ад 2 да 5 разоў на тыдзень.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі могуць функцыянаваць розныя мадэлі груп кароткачасовага знаходжання выхаванцаў у залежнасці ад запытаў іх законных прадстаўнікоў і рэсурсных магчымасцей установы адукацыі, напрыклад:

групы кароткачасовага знаходжання дзяцей у спецыяльна абсталяваным памяшканні. Варыянтам такой мадэлі з’яўляецца арганізацыя двух- або трохзменнай работы груп: з 8-00 да 11-00, з 15-00 да 18-00 і інш.;

кароткачасовае знаходжанне дзяцей у групе, якая функцыянуе ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Гэтая мадэль не патрабуе спецыльна выдзеленай групы і замацаваных за ёй выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Выхаванцаў размяркоўваюць па пастаянных групах, якія адпавядаюць узросту кожнага дзіцяці. Яны ўключаюцца ў адукацыйны працэс на той перыяд часу, на які бацькі (законныя прадстаўнікі) пакідаюць іх ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Адаптацыйныя групы кароткачасовага знаходжання дзяцей арганізуюцца з мэтай адаптацыі дзяцей да ўстановы дашкольнай адукацыі. Могуць функцыянаваць у спецыяльна абсталяваным памяшканні ўстановы адукацыі.

Прагулачныя групы прадугледжваюць кароткачасовае знаходжанне дзяцей у групе, якая функцыянуе на пастаяннай аснове ва ўстанове адукацыі, іх уключэнне ў адукацыйны працэс на перыяд правядзення прагулкі.

Групы выхаднога дня, вячэрнія групы ствараюцца з мэтай аказання дапамогі бацькам у выхаванні і развіцці дзяцей у выхадныя дні і вячэрні час. У такія групы могуць быць прыняты дзеці, якія не наведваюць установу адукацыі, а таксама дзеці, якія наведваюць установу адукацыі на пастаяннай аснове.

Групы па падрыхтоўцы да школы ствараюцца для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі. Мэтай іх функцыянавання з’яўляецца забеспячэнне адзіных стартавых умоў для выхаванцаў, якія паступаюць ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, на аснове зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей ад 6 да 7 гадоў.

Сезонная пляцоўка можа быць арганізавана па запытах бацькоў на базе ўстановы адукацыі або спецыяльна выдзеленага памяшкання пры ўмове адпаведнасці жылых памяшканняў жыллёвага фонду (катэджнай забудовы) патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Сезонная пляцоўка арганізуецца на перыяд пасяўной, уборачнай кампаніі ва ўстанове адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці.

Гульнявыя пляцоўкі ствараюцца для забеспячэння засваення дзіцем сацыяльнага вопыту, зносін з аднагодкамі і дарослымі ў сумеснай гульнявой дзейнасці.

«Мацярынскія школы» ствараюць умовы для рознабаковага развіцця выхаванцаў і павышэння псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў. Прадугледжваюць сумеснае знаходжанне дарослага і дзіцяці ва ўмовах установы адукацыі і сістэматычнае наведванне педагагічнымі работнікамі сям’і выхаванца з мэтай аказання дапамогі бацькам у выхаванні, навучанні і развіцці дзіцяці.

Функцыянаванне груп кароткачасовага знаходжання можа ажыццяўляцца на платнай аснове па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пры ўмове забеспячэння права грамадзян на бясплатную дашкольную адукацыю на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў дзяржаўных установах дашкольнай адукацыі, іншых дзяржаўных арганізацыях, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.