Новости проекта
Мобильное приложение Schools.by
Голосование
На якой мове Вы размаўляеце дома:
Всего 57 человек

Правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў установы

Дата: 5 декабря 2019 в 08:26, Обновлено 23 февраля 2021 в 08:53

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Дырэктар Вензавецкага дзіцячага

сада – сярэдняй школы            

___________________Г.І.Франюк

02.12.2019

ПРАВІЛЫ

ўнутранага распарадку для навучэнцаў установы

I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1.1. Правілы ўнутранага распарадку для вучняў (далей - Правілы) распрацаваны на падставе Тыпавых правіл унутранага распарадку для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей - Кодэкс), пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.12.2011 № 283 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб установе Агульнай сярэдняй адукацыi” і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі.

1.2. Правілы ўстанаўліваюць нормы паводзін навучэнцаў у будынку і на тэрыторыі ўстановы адукацыі з мэтай удасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу, рацыянальнага выкарыстання навучэнцамі вучэбнага часу, умацавання дысцыпліны навучэнцаў, павышэння якасці адукацыі, выхавання павагі да асобы, развіцця культуры паводзін і навыкаў зносін.

1.3. Згодна з Правіламі ўсе навучэнцы маюць аднолькавыя правы і абавязкі, нясуць аднолькавую адказнасць за парушэнне нормаў паводзін ва ўстанове адукацыі.

1.4. У адпаведнасці з дадзенымі Правіламі ва ўстанове адукацыі на пачатак новага навучальнага года распрацоўваюцца Правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў, якія ўзгадняюцца з Саветам ўстановы адукацыі і зацвярджаюцца дырэктарам.

1.5. Змены і дапаўненні ў Правілы ўносяцца ў парадку, вызначаным падпунктам 1.4 дадзеных Правілаў.

1.6. Правілы даводзяцца да ведама педагагічных работнікаў установы адукацыі на першым паседжанні педагагічнага савета або на нарадзе пры дырэктару ў кожным новым навучальным годзе, да ўсіх навучэнцаў установы адукацыі - на першай класнай гадзіне новага навучальнага года, а да іх законных прадстаўнікоў - на першым бацькоўскім сходзе новага навучальнага года (пад подпіс).

1.7. Правілы распаўсюджваюцца на ўсіх навучэнцаў установы адукацыі.

1.8. Правілы размяшчаюцца ў даступным для агляду ўсімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу месцы і на афіцыйным сайце ўстановы адукацыі.

II. АСНОЎНЫЯ ПРАВЫ НАВУЧЭНЦАЎ

2. Вучні маюць права на:

2.1. атрыманне адукацыі ў адпаведнасці з адукацыйнымі праграмамі агульнай сярэдняй адукацыі;

2.2. стварэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі з улікам асаблівасцей іх псіхафізічнага развіцця;

2.3. атрыманне дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў адпаведнасці з Кодэксам i ў парадку, вызначаным Палажэннем аб установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2011г. № 149;

2.4. павагу сваёй чалавечай годнасці, абарону ад прымянення фізічнага і (ці) псіхічнага насілля, жорсткага, грубага або зневажальнага абыходжання, прыніжэння;

2.5. ахову жыцця і здароўя ў час адукацыйнага працэсу;

2.6. карыстанне падручнікамі (вучэбнымі дапаможнікамі) у адпаведнасці з заканадаўствам;

2.7. бясплатнае карыстанне бібліятэкай, вучэбнай і спартыўнай базай установы адукацыі;

2.8. удзел у кіраванні ўстановай адукацыі ў адпаведнасці са Статутам установы адукацыі (далей - Статут);

2.9. адпачынак на перапынках, арганізацыю вольнага часу ў час канікул;

2.10. стварэнне спрыяльных умоў для самаадукацыі;

2.11. аб'ектыўную ацэнку ведаў;

2.12. захаванне месца ва ўстанове адукацыі ў выпадку накіравання для навучання і лячэння ў санаторную школу-інтэрнат;

2.13. навучанне на ўроках фізічнай культуры і здароўя ў адпаведнасці з групай здароўя;

2.14. наведванне стымулюючых і (або) падтрымліваючых заняткаў;

2.15. выбар факультатыўных заняткаў у межах, устаноўленай вучэбным планам установы адукацыі, колькасцю гадзін факультатыўных заняткаў  і з улікам максімальна дапушчальнай нагрузкі на аднаго вучня, устаноўленымі спецыфічнымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі да ўтрымання і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі;

2.16. вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў адпаведнасці з вучэбным планам установы адукацыі;

2.17. атрыманне платных паслуг з ліку тых, якія аказваюцца ўстановай адукацыі;

2.18. атрыманне гарачага харчавання ў парадку, вызначаным заканадаўствам;

2.19. удзел у алімпіядах, конкурсах, турнірах, канферэнцыях і іншых адукацыйных мерапрыемствах, спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых мерапрыемствах;

2.20. заахвочванне за поспехі ў вучэбнай, спартыўна-масавай, грамадскай, навуковай дзейнасці, а таксама ў адукацыйных мерапрыемствах;

2.21. атрыманне сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі;

2.22. удзел у дзіцячых, моладзевыхх і іншых грамадскіх аб'яднаннях, дзейнасць якіх не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь;

2.23 удзел у органах вучнёўскага самакіравання ва ўстанове адукацыі;

2.24. абарону ад любых супрацьпраўных замахаў;

2.25. недатыкальнасць асобы.

3. Іншыя правы навучэнцаў устанаўліваюцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншымі актамі заканадаўства, устаноўчымі дакументамі і іншымі лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі ўстановы адукацыі.

III. АСНОЎНЫЯ АБАВЯЗКІ ВУЧНЯЎ

4. Навучэнцы абавязаны:

4.1. выконваць Статут, выконваць рашэнні Савета ўстановы адукацыі, іншых органаў самакіравання ўстановы адукацыі, Правілы, патрабаванні адміністрацыі і педагагічных работнікаў;

4.2. знаходзіцца ва ўстанове адукацыі на працягу часу, прадугледжанага раскладам заняткаў (вучэбных, факультатыўных, аб'яднанняў па інтарэсах, іншых);

4.3. пакідаць тэрыторыю ўстановы адукацыі ў час заняткаў толькі з дазволу класнага кіраўніка (дзяжурнага члена адміністрацыі);

4.4. добрасумленна і адказна адносіцца да засваення зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах, праграм выхавання, своечасова і якасна выконваць дамашнія заданні;

4.5. наведваць класныя і інфармацыйныя гадзіны;

4.6. удзельнічаць у мерапрыемствах грамадска карыснай працы;

4.7. вырашаць спрэчныя і канфліктныя пытанні па прынцыпе ўзаемнай павагі, з улікам меркаванняў усіх (іншых) удзельнікаў спрэчкі, пры неабходнасці звяртацца за дапамогай да настаўніка, класнага кіраўніка, спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, адміністрацыі ўстановы адукацыі;

4.8. беражліва адносіцца да маёмасці ўстановы адукацыі, падтрымліваць чысціню і парадак ва ўстанове і на яе тэрыторыі; беражліва адносіцца да энергарэсурсаў, берагчы цяпло, электрычнасць, ваду;

4.9. паважаць гонар і годнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, работнікаў установы адукацыі;

4.10. клапаціцца пра сваё здароўе, бяспеку і жыццё людзей, якія знаходзяцца навокал, імкнуцца да маральнага, духоўнага і фізічнага развіцця, самаўдасканалення;

4.11. неадкладна паведамляць настаўніку (класнаму кіраўніку) або дзяжурнаму настаўніку (члену адміністрацыі) аб атрыманні мікратраўмы, траўмы або пагаршэнні агульнага стану здароўя на ўроках, занятках ці пры правядзенні мерапрыемстваў (пазакласных, пазашкольных, спартыўна-масавых, грамадска карыснай працы);

4.12. загадзя (напярэдадні або за некалькі дзён) паведамляць класнаму кіраўніку аб запланаваных наведваннях арганізацыі аховы здароўя; у экстранных (незапланаваных) выпадках адсутнасці на ўроках неадкладна паведамляць класнаму кіраўніку аб факце і прычыне сваёй адсутнасці;

4.13. размяшчаць прылады сувязі, інтэрнэт-сувязі перад пачаткам навучальных заняткаў у спецыяльна адведзеных месцах;

4.14. прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, выкарыстоўваць адзенне і абутак для заняткаў фізічнай культурай паводле санітарных нормаў, спецыяльную вопратку на ўроках працоўнага навучання, мерапрыемствах грамадска карыснай працы;

4.15. мець на ўроках неабходныя навучальныя прыналежнасці;

4.16. мець акуратна і разборліва падпісаныя рабочыя сшыткі і сшыткі для кантрольных работ па прадметах;

4.17. акуратна і разборліва запісваць у дзённік расклад урокаў на тыдзень наперад, у канцы кожнага ўрока - хатняе заданне;

4.18. кожны тыдзень здаваць дзённік на праверку класнаму кіраўніку;

4.19. прадастаўляць дзённік па першым патрабаванні педагагічнага работніка ўстановы адукацыі;

4.20. выконваць правілы паводзін у бібліятэцы і правілы карыстання бібліятэчным фондам.

5. Навучэнцам ва ўстанове адукацыі і на яе тэрыторыі катэгарычна забараняецца:

5.1. курыць, ужываць алкагольныя (слабаалкагольныя) напоі і піва, таксічныя і наркатычныя рэчывы, выкарыстоўваць нецэнзурныя выразы, спазняцца на вучэбныя заняткі без уважлівых прычын, наносіць шкоду маёмасці ўстановы адукацыі і іншых асоб;

5.2. прыносіць агнястрэльную зброю любога віду, газавую зброю, боепрыпасы любога выгляду або выбуховыя рэчывы (альбо іх імітацыі, муляжы), халодную зброю, прадметы, якія колюць, сякуць, рэжуць (альбо іх імітуюць), хімічныя, атрутныя, вогненебяспечныя рэчывы, тытунёвыя вырабы, электронныя сістэмы курэння, вадкасці для электронных сістэм курэння, сістэмы для спажывання тытуню, запалкі, запальніцы, алкагольныя, слабаалкагольныя напоі або піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы і прэпараты, якія могуць нанесці шкоду маёмасці і здароўю навакольных, а таксама прыналежнасці для азартных гульняў;

5.3. парушаць дысцыпліну ў ходзе адукацыйнага працэсу, прымяняць фізічную сілу і абразы ў дачыненні да іншых яго ўдзельнікаў;

5.4. не выконваць патрабаванні педагагічных работнікаў;

5.5. прапускаць заняткі без уважлівых прычын і своечасовага інфармавання класнага кіраўніка альбо дзяжурнага адміністратара з наступным прад'яўленнем адпаведнага дакументу класнаму кіраўніку;

5.6. карыстацца прыладамі мабільнай сувязі, інтэрнэт-сувязі, музычнымі калонкамі, гульнявымі прыладамі падчас адукацыйнага працэсу без дазволу педагогаў;

5.7. прапагандаваць, захоўваць і распаўсюджваць з дапамогай мабільнай, інтэрнэт-сувязі інфармацыю, якая змяшчае жорсткасць, гвалт;

5.8. праводзіць здымкі падчас правядзення вучэбных заняткаў, факультатыўных заняткаў, класных гадзін, пазакласных мерапрыемстваў без дазволу адміністрацыі, класнага кіраўніка, настаўніка-прадметніка;

5.9. размаўляць падчас вучэбных заняткаў, выкрыкваць нецэнзурныя словы і выразы, адцягваць увагу самому і іншых навучэнцаў, перашкаджаць правядзенню вучэбнага занятку;

5.10. ужываць падчас вучэбных заняткаў ежу і напоі;

5.11. перасаджвацца за іншую парту без дазволу настаўніка;

5.12. у падручніках рабіць якія-небудзь запісы, маляваць, вырваць з іх старонкі;

5.13. падчас вучэбных заняткаў і перапынкаў паміж імі гуляць у азартныя гульні, праводзіць аперацыі спекулятыўнага характару;

5.14. пакідаць установу адукацыі да заканчэння вучэбных заняткаў без узгаднення з класным кіраўніком і (або) адміністрацыяй установы.

IV. ПАТРАБАВАННІ ДА ЗНЕШНЯГА ВЫГЛЯДУ НАВУЧЭНЦАЎ

6. Навучэнцы абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, прызначанага для наведвання імі навучальных заняткаў ва ўстанове адукацыі.

7. Савет установы адукацыі мае права выбару мадэлі, колеру і якасці тканіны, з якой вырабляецца адзенне дзелавога стылю.

8. Адзенне дзелавога стылю, як правіла, уключае вялікі выбар элементаў, якія можна камбінаваць (пінжак, камізэлька, кашуля, спадніца, штаны, сарафан, блуза, сукенка, гальштук і інш.), а таксама можа ўключаць гальштук (значок, эмблему, шаўрон) з лагатыпам ўстановы адукацыі.

У зімовы час у камплект адзення могуць уваходзіць трыкатажны світар ці камізэлька.

9. Пры наведванні вучнямі навучальных заняткаў не дапускаюцца:

спартыўная вопратка і абутак, прызначаныя для заняткаў фізічнай культурай і спортам;

рэчы, якія маюць яркія малюнкі;

бруднае, непапрасованае (неахайнае) і іншае адзенне, якое не прызначана для наведвання ўстановы адукацыі;

верхняе адзенне і галаўныя ўборы;

шмат біжутэрыі, наяўнасць пірсінгу, яркага экстравагантнага макіяжу, колеру валасоў, манікюру, аксесуараў, якія адлюстроўваюць сімволіку музычных гуртоў і розных кірункаў моладзевай субкультуры і спартыўных клубаў.

10. Спрэчныя пытанні, звязаныя са знешнім выглядам навучэнца, вырашае адміністрацыя ўстановы адукацыі.

V. ПАРАДАК НАВЕДВАННЯ ВУЧНЯМІ НАВУЧАЛЬНЫХ ЗАНЯТКАЎ

11. Вучэбныя заняткі, класныя і інфармацыйныя гадзіны праводзяцца па раскладзе або ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным кіраўніком установы адукацыі, і з'яўляюцца абавязковымі для наведвання ўсімі навучэнцамі.

12. У выпадку невыканання дамашняга задання па якой-небудзь прычыне, навучэнец у пачатку ўрока абавязаны паведаміць пра гэта настаўніку.

13. Не пазней чым за 5 хвілін да пачатку ўрока кожны навучэнец:

займае месца ў вучэбным кабінеце (класе), вызначанае класным кіраўніком ці настаўнікам-прадметнікам;

рыхтуе неабходныя для работы на ўроку падручнікі і навучальныя прыналежнасці;

ставіць на бясшумны рэжым прылады мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі), кладзе яго ў прызначаную для гэтага скрынку, якая можа знаходзіцца ў адведзеным для гэтага месцы.

14. Пры ўваходзе настаўніка ў клас навучэнцы ўстаюць у знак прывітання.

15. Вучань, які спазніўся на ўрок, абавязаны растлумачыць настаўніку прычыну спазнення.

16. Падчас урока навучэнцы ўважліва слухаюць тлумачэнні настаўніка і адказы іншых вучняў, не дапускаюць каментарыяў і рэплік з месца.

17. Пры адказе на пытанне настаўніка навучэнец устае. З дазволу педагога магчымы адказ седзячы.

18. Аб сваёй гатоўнасці да адказу альбо пры ўзнікненні пытання ў ходзе тлумачэння настаўнікам матэрыялу, навучэнец інфармуе, падымаючы руку.

19. Дапаўненні і выпраўленні адказаў іншых навучэнцаў магчымыя толькі з дазволу настаўніка.

20. У час правядзення кантрольных і самастойных работ навучэнец выконвае іх самастойна. Дапамога іншых навучэнцаў не дапускаецца. Дазваляецца карыстацца толькі тымі матэрыяламі, якія пералічаныя настаўнікам.

21. Выкананне патрабаванняў настаўніка на занятку з'яўляецца для навучэнцаў абавязковым і безумоўным.

21.1. У выпадку, калі навучэнец не выконвае патрабаванні настаўніка, парушае дысцыпліну ў час занятку, педагог інфармуе аб гэтым дзяжурнага адміністратара і навучэнец  удаляецца з урока ў суправаджэнні дзяжурнага адміністратара.

21.2. У выпадку, калі патрабаванні настаўніка парушаюць правы навучэнца, апошні можа праінфармаваць аб гэтым дзяжурнага адміністратара.

21.3. Дзяжурны адміністратар выклікае ва ўстанову адукацыі законнага прадстаўніка вучня, а пры неабходнасці - супрацоўніка тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў.

21.4. Дзяжурны адміністратар, пасля вывучэння сітуацыі, мае права дазволіць вучню прысутнічаць на наступных уроках.

21.5. У выпадку, калі законны прадстаўнік не прыбывае ва ўстанову адукацыі ў кароткія тэрміны, дзяжурны адміністратар мае права забраць навучэнца з любога наступнага ўрока для разгляду справы па прыбыцці законнага прадстаўніка ва ўстанову адукацыі.

22. Падчас занятку навучэнец павінен сачыць за сваёй паставай.

23. Званок аб заканчэнні ўрока даецца для інфармавання настаўніку і навучэнцу. Навучэнцы пакідаюць клас толькі з дазволу настаўніка.

24. Для заняткаў на ўроках фізічнай культуры і здароўя навучэнцы пераапранаюцца ў спартыўную форму.

25. Па заканчэнні ўрокаў (заняткаў) навучэнцы наводзяць парадак на працоўным месцы, забіраюць свае прылады мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі).

26. У выпадку пропуску заняткаў па хваробе, навучэнец або законныя прадстаўнікі інфармуюць класнага кіраўніка аб прычыне адсутнасці ў вуснай форме.

27. У дзень выхаду на заняткі навучэнец абавязаня прынесці даведку ці іншы дакумент, які тлумачыць прычыну пропуску заняткаў.

Уважлівай прычынай лічыцца:

хвароба навучэнца, наведванне ўрача (прадастаўляецца адпаведная медыцынская даведка);

экстранныя выпадкі ў сям'і, якія патрабуюць асабістага ўдзелу (пацвярджаюцца заявай законных прадстаўнікоў);

пропуск заняткаў па дамоўленасці з адміністрацыяй (па пісьмовай заяве законных прадстаўнікоў);

удзел у прадметных алімпіядах, спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах (вызначаецца загадам ўстановы адукацыі).

28. Дзяжурства навучэнцаў:

28.1. Ва ўстанове адукацыі з ліку навучэнцаў VII-XI класаў назначаюцца дзяжурныя, якія дапамагаюць дзяжурнаму адміністратару, дзяжурнаму настаўніку падтрымліваць дысцыпліну ў час перапынкаў, чысціню і парадак ва ўстанове.

28.2. У кожным класе назначаецца ў адпаведнасці з графікам дзяжурны па класе, які падчас перапынку дапамагае настаўніку падрыхтаваць клас да ўрока: вымывае дошку, забяспечвае мелам, раздае вучэбныя дапаможнікі і рабочыя сшыткі вучняў.

28.3. З ліку навучэнцаў VIІI-X класаў назначаюцца дзяжурныя па сталовай, якія перад раздачай ежы мыюць рукі з мылам, апранаюць галаўныя ўборы, фартухі.

VІ. ПАРАДАК ЗНАХОДЖАННЯ ВУЧНЯЎ НА ПЕРАПЫНКАХ

29. Перапынак прызначаны:

для пераходу ў іншы кабінет (пры неабходнасці) у адпаведнасці з раскладам вучэбных заняткаў;

адпачынку і фізічнай размінкі;

прыёму ежы;

праветрывання класа, для гэтага навучэнцам неабходна выйсці з кабінета;

падрыхтоўкі да ўрока, іншае.

30. Пры руху па калідорах, лесвіцах, праходах навучэнцам неабходна прытрымлівацца правага боку.

31. Падчас перапынкаў навучэнцам забараняецца:

шумець, перашкаджаць адпачываць іншым, бегаць па лесвіцах, знаходзіцца паблізу аконных праёмаў і ў іншых месцах, не прыстасаваных для гульняў;

штурхаць адзін аднаго, кідацца прадметамі і прымяняць фізічную сілу для вырашэння любых канфліктных сітуацый;

катацца ва ўстанове адукацыі на парэнчах, на яе тэрыторыі - на веласіпедах, самакатах, мапедах, матацыклах і іншых сродках перамяшчэння;

ужываць непрыстойныя выразы і жэсты ў адрас іншых навучэнцаў, іншых асоб, запалохваць, займацца вымагальніцтвам. Парушэнне дадзенага пункту цягне за сабой прымяненне мераў, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

VІI. МЕСЦЫ МАСАВАГА ЗНАХОДЖАННЯ

Сталовая

32. У сталовую навучэнцы ходзяць арганізавана, у суправаджэнні настаўніка, які праводзіў урок.

33. Навучэнцы выконваюць правілы гігіены: уваходзяць у памяшканне сталовай без верхняй вопраткі, мыюць рукі перад ежай.

34. Вучні выконваюць патрабаванні работнікаў сталовай, праяўляюць увагу і асцярожнасць пры атрыманні і ўжыванні гарачых і вадкіх страў.

35. Ужываць стравы, напоі, прадукты харчавання, прынесеныя з сабой, дазваляецца толькі ў сталовай. У час прыёму ежы навучэнцы павінны выконваць культуру харчавання.

36. Кожны навучэнец прыбірае за сабой сталовыя прыналежнасці і посуд у спецыяльна адведзеныя месцы.

Спартыўная зала

37. Заняткі ў спартыўнай зале арганізуюцца ў адпаведнасці з раскладам яе работы.

Наведванне заняткаў у спартыўнай зале дапускаецца толькі ў спартыўнай форме і зменным абутку.

38. Забараняецца знаходзіцца ў спартыўнай зале без настаўніка, выхавальніка групы падоўжанага дня, іншага педагагічнага работніка.

39. Заняткі ў пазаўрочны час у спартыўнай зале арганізуюцца па раскладзе спартыўных секцый.

Санітарныя пакоі

40. Пры карыстанні санітарнымі пакоямі навучэнцы павінны выконваць чысціню і парадак, правілы асабістай гігіены;

41. Забараняецца затрымлівацца ў санітарным пакоі без патрэбы, а таксама смяціць, курыць, прымаць ежу, напоі, кідаць у ракавіны і ўнітазы любыя прадметы.

Гардэроб

42. Пасля заканчэння заняткаў (навучальных, факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых, аб'яднанняў па інтарэсах), пазакласных мерапрыемстваў навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніка, які праводзіў заняткі, ідуць у гардэроб. Навучэнцы ў парадку чарговасці забіраюць сваю вопратку, прытрымліваюцца парадку і мер бяспекі.

43. У выпадку выяўлення знікнення адзення ці абутку, навучэнец абавязаны паведаміць аб тым, што здарылася класнаму кіраўніку або дзяжурнаму адміністратару.

44. Вучні не пакідаюць у кішэнях верхняга адзення ключы ад дома, грошы, прылады сувязі (інтэрнэт сувязі), iншыя каштоўныя рэчы.

45. У выпадку выяўлення пакінутых і (або) забытых кімсьці ў гардэробе рэчаў навучэнцы перадаюць іх вахцёру або дзяжурнаму настаўніку.

VIІI. ПАРАДАК НАВЕДВАННЯ ВУЧНЯМІ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ У ПАЗАВУЧЭБНЫ ЧАС

46. ​​Навучэнцам забараняецца спазняцца на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў пазаўрочны час.

47. Прысутнасць на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў пазаўрочны час, асоб, якія не навучаюцца ў гэтай установе, дапушчальна толькі з дазволу адказнага за правядзенне мерапрыемства (намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, дзяжурнага адміністратара ці педагога).

48. Вучні, якія прысутнічаюць на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў пазаўрочны час ва ўстанове, і асобы, якія не вучацца ў гэтай установе, дапушчаныя да ўдзелу ў мерапрыемстве, павінны мець належны знешні выгляд, адпаведны ўзросту макіяж.

49. Не дазваляецца прысутнасць у верхняй вопратцы і галаўным уборы на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў актавай, спартыўнай залах, іншых памяшканнях установы адукацыі.

50. Прыход і выхад з мерапрыемства ажыццяўляецца арганізавана, у парадку, устаноўленым адказным за правядзенне мерапрыемства.

51. Навучэнцы абавязаны выконваць інструкцыі аб мерах бяспекі для навучэнцаў, прадугледжаныя для канкрэтнага мерапрыемства, і выконваць у поўным аб'ёме патрабаванні адказнага за правядзенне мерапрыемства.

52. Да заняткаў у спартыўных секцыях, удзелу ў спартыўных спаборніцтвах навучэнцы дапускаюцца з дазволу ўрача, да турыстычных паходаў - з дазволу медыцынскага работніка.

53. Грамадска карысная праца навучэнцаў ў пазаўрочны час праводзіцца не раней чым праз 10 хвілін пасля заканчэння ўрокаў. Працягласць грамадска карыснай працы – 45 хвілін, віды работ устанаўліваюцца Санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі.

IХ. ЗААХВОЧВАННЕ І ДЫСЦЫПЛІНАРНАЯ АДКАЗНАСЦЬ ВУЧНЯЎ

54. У якасці заахвочвання да навучэнцаў могуць прымяняцца наступныя меры:

аб'ява падзякі;

узнагароджанне граматай;

узнагароджанне каштоўным падарункам;

занясенне на дошку Гонару ўстановы адукацыі;

напісанне ліста падзякі законным прадстаўнікам.

Заахвочванне аб'яўляецца загадам дырэктара. Выпiска з загаду захоўваецца у асабістай справе навучэнца.

55. За здзяйсненне навучэнцам дысцыплінарнага праступка (у тым ліку неаднаразовае парушэнне Статута і Правілаў) устанаўліваецца дысцыплінарная адказнасць, якая выражаецца ў прымяненні да яго наступных мераў дысцыплінарнага спагнання:

заўвага;

вымова;

адлічэнне.

56. Адлічэнне як мера дысцыплінарнай адказнасці можа быць прыменена да вучняў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

57. Права выбару меры дысцыплінарнага спагнання належыць дырэктару ўстановы адукацыі.

58. Звесткі аб прымяненні мераў дысцыплінарнага спагнання даводзяцца да законных прадстаўнікоў непаўналетняга навучэнца.

X. ПРАВІЛЫ КАРЫСТАННЯ ПРЫЛАДАМІ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ (ІНТЭРНЭТ-СУВЯЗІ)

59. У будынку ўстановы адукацыі навучэнцы абавязаны ставіць прылады мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) у рэжым вібравыкліку або бясшумнага рэжыму.

60. Падчас правядзення вучэбных, факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, аб'яднаннях па інтарэсах, пазакласных мерапрыемстваў прылады мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) павінны знаходзіцца ў абазначанай скрынцы ў стане бясшумнага рэжыму, у адведзеным для гэтага месцы.

61. Карыстацца прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) падчас навучальных, факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, аб'яднаннях па інтарэсах, пазакласных мерапрыемстваў можна толькі з дазволу настаўніка.

62. Карыстацца прыладай мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) ва ўстанове адукацыі на перапынках паміж заняткамі (тэлефанаваць, адпраўляць паведамленні) навучэнцам дазволена выключна для аператыўнай сувязі з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі), братамі (сёстрамі), іншымі блізкімі сваякамі толькі ў выпадках неадкладнай неабходнасці .

63. У выпадку аднаразовага парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі), навучэнец павінен напісаць тлумачальную запіску з указаннем прычыны парушэння сапраўдных Правілаў. Класным кіраўніком (настаўнікам) вучню робіцца запіс у дзённік.

64. Пры паўторным факце парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) праводзіцца адабранне тэлефона ў навучэнца. Ва ўстанову адукацыі запрашаюцца бацькі (законныя прадстаўнікі), і пасля размовы з дырэктарам (членам адміністрацыі) ім вяртаецца прылада мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі). На навучэнца накладаецца спагнанне, якое вызначаецца дырэктарам установы адукацыі.

УЗГОДНЕНА

Пратакол паседжання

Савета ўстановы ад 30.11.2019 №3

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.